РЫ́БІН ТЛУШЧ,
тлушч, які вырабляюць з печані рыб, часцей сям. трасковых. Празрыстая масляністая вадкасць ад жаўтаватага да светла-карычневага колеру, мае слабы спецыфічны рыбны пах і смак. Складаецца з трыгліцэрыдаў негранічных к-т, невял. колькасці свабодных тлустых к-т, халестэрыну, фасфатыдаў, вітамінаў A, D і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне і жывёлагадоўлі ў якасці крыніцы вітамінаў, для прафілактыкі і лячэння астэадыстрафіі, рахіту, курынай слепаты, залатухі, для лячэння ран, язваў, апёкаў. З адходаў перапрацоўкі рыбы атрымліваюць тэхн. Р.т., які выкарыстоўваецца ў гарбарнай, мылаварнай вытв-сцях і інш.
т. 13, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)